РУ БЕ EN

Информационно-просветительские материалы

Фотогалерея:

 

 

“Зялёная школа” для маленькіх

“Назіраючы за паводзінамі дзяцей у прыродзе, вывучаючы іх звычкі ва ўзаемадзеянні з аб’ектамі прыроды, размаўляючы з выхаванцамі і іх бацькамі, мы прыйшлі да высновы, што экалагічная дасведчанасць у іх недастаткова высокая, — адзначыла загадчык ясляў-сада № 45 Гродна Людміла Іванаўна Кушнірук. — Пошуку шляхоў вырашэння гэтай праблемы спрыяў удзел нашай установы з 2018 года ў рэалізацыі праекта “Зялёныя школы”.

 

  • <figure>

 

Змест гэтага праекта дазваляе ў комплексе вырашыць вялікую колькасць задач, да ліку якіх адносяцца: фарміраванне ў дзіцяці сучаснай экалагічна арыентаванай карціны свету; выхаванне любові і павагі да прыроды, свайго горада (сяла), радзімы; развіццё цікавасці да пазнання самога сябе і навакольнага свету; забеспячэнне вопыту экалагічна і этычна абгрунтаваных паводзін у прыродным і сацыяльным асяроддзі.

Для вырашэння гэтых задач у яслях-садзе № 45 Гродна работа ажыццяўлялася ў наступных кірунках: 1. Біяразнастайнасць. 2. Энергазберажэнне. 3. Водазберажэнне. 4. Абыходжанне з адходамі. 5. Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы.

На базе ўстановы створана і функцыянуе школа развіцця эканамічнай і экалагічнай культуры “ШРЭК²”. Асноўная мэтавая аўдыторыя — гэта, вядома, выхаванцы і іх бацькі. Каардынацыю дзейнасці “ШРЭК²” ва ўмовах цэнтра ажыццяўляе творчая група педагогаў. Штоквартальна члены аб’яднання збіраюцца для планавання работы і размеркавання абавязкаў. Дзей­насць “ШРЭК²” грунтуецца на выкарыстанні актыўных форм работы з дашкольнікамі, школьнікамі і іх бацькамі, а таксама з рознымі групамі насельніцтва па экалагізацыі іх ладу жыцця і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў.

Дзейнасць у кірунку біяразнастайнасці забяспечвае азнаямленне выхаванцаў з рознымі раслінамі і жывёламі як на ўчастку ўстановы адукацыі, так і на найбліжэйшай тэрыторыі, з сезоннасцю змяненняў у прыродзе, са спосабамі прыродаахоўнай дзейнасці. Сумесна з выхаванцамі быў рэалізаваны праект “Птушкі нашай краіны”. Дзеці даведаліся шмат цікавых фактаў пра жыццё птушак, быў створаны альбом з малюнкамі, які дзеці выканалі разам з бацькамі. Са студэнтамі факультэта біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы быў рэалізаваны праект “Дзікарослыя травы ў дзіцячым са­дзе”. Дзеці з педагогамі вывучалі травы, якія растуць на тэрыторыі ўстановы. Было знойдзена 18 лекавых траў, складзены зборнік з іх фотаздымкамі і апісаннем лекавых уласцівасцей.

Днямі завяршыўся кароткатэрміновы праект “Вывучаем глебу”. Выхаванцы сада знайшлі адказы на пытанні: хто жыве ў глебе, якімі ўласцівасцямі яна валодае, якія пласты ёсць у глебе. У жніўні са студэнтамі факультэта біялогіі і экалогіі была арганізавана паглыбленая работа па вывучэнні насякомых (іх знешняга выгляду, паводзін, значэння).

Для павышэння цікавасці да пытанняў экалогіі педагогамі ўстановы быў распрацаваны цыкл дыдактычных гульняў і дапаможнікаў экалагічнай накіраванасці, выкарыстанне якіх удакладняе, канкрэтызуе, сіс­тэматызуе і замацоўвае ўяўленні выхаванцаў аб жывой і нежывой прыродзе.

Работа ў кірунку “Энергазберажэнне” накіравана на знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з правіламі эканоміі электраэнергіі, прыродных рэсурсаў як ва ўстанове дашкольнай адукацыі, так і дома. Выбудаваная сістэма работы ў гэтым кірунку дапамагае сфарміраваць у выхаванцаў і іх бацькоў энергаэфектыўны лад жыцця, а таксама дае магчымасць прыцягваць да праблем энергазберажэння і шляхоў іх вырашэння розных людзей.

Дзейнасць у кірунку “Абыхо­джанне з адходамі” забяспечвае знаёмства дашкольнікаў з крыніцамі забруджвання навакольнага асяроддзя і найпрасцейшымі спосабамі яго змяншэння. У яслях-садзе № 45 Гродна створана зона для фарміравання ўменняў і навыкаў раздзельнага збору смецця.

Атрымаўшы інфармацыю ад гімназіі № 19 Мінска аб рэалізацыі ініцыятывы “Школа без пластыку”, вывучыўшы яе мэты, установа вырашыла далучыцца да дадзенага руху. Зараз у садзе практычна не выкарыстоўваецца аднаразовы посуд. Для арганізацыі пітнога рэжыму ў памяшканні прымяняецца фаянсавы посуд. Апошнім часам установа адмаўляецца ад набыцця пластыкавых цацак, імкнецца папоўніць развіццёвае і прадметна-прасторавае асяроддзе гульнявым абсталяваннем з дрэва. Дзеці з задавальненнем гуляюць з пазламі, канструктарам і іншымі драўлянымі цацкамі.

Праблема выкарыстання пластыкавых пакетаў існуе даўно. Педагогі вядуць актыўную дзейнасць па прапагандзе скарачэння выкарыстання пластыкавых пакетаў у штодзённым жыцці. Распрацавалі ўлёткі, памяткі, буклеты аб забруджванні навакольнага асяроддзя смеццем з пластыку. Сумесна з калегамі з сярэдняй школай № 12 Гродна была праведзена практычная майстэрня па вырабе сумак-шопераў з выкарыстанай джынсавай тканіны. Больш за 78 экасумак зрабілі выхаванцы сада і іх бацькі, супрацоўнікі ўстановы адукацыі, партнёры з сярэдняй школы № 12 Гродна, удзельнікі студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка.

Шмат гаворыцца аб неаднаразовай перапрацоўцы пластыку, аб другасным выкарыстанні пластыкавых прадметаў. Так, напрыклад, з пластыкавых бутэлек у садзе робяць нетрадыцыйнае спартыўнае абсталяванне для развіцця спрыту, трапнасці, вакамера, розныя масажоры. Іх выкарыстоўваюць у працэсе фізкультурна-аздараўленчай работы і ў самастойнай дзейнасці дзяцей.

У рамках акцыі “Чароўная накрыўка” сумеснымі намаганнямі ва ўстанове было сабрана больш за 26 кг накрывак, якія былі перада­дзены ў цэнтр збору пры гарадской паліклініцы № 1 Гродна. Усе накрыўкі перапрацавалі, а атрыманыя сродкі пайшлі на аказанне дапамогі дзецям з інваліднасцю.

Для рэалізацыі кірунку работы “Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы” ва ўстанове актыўна і масава праходзяць прыродаахоўныя акцыі “Накармі птушак”, “Збяры накрыўкі — выратуй прыроду”, “Змяні звычкі на экалагічныя”, “Гадзіна Зямлі”, праекты “Якія краны нам патрэбны?”, “Эканомім электраэнергію дома”, “Такія розныя лямпачкі” і інш. Арганізуюцца мерапрыемствы для бацькоў выхаванцаў і гасцей установы: “Маленькія эколагі вялікай краіны”, “Дні энергіі”. Усе яны накіраваны на павышэнне экалагічнай дасведчанасці і інфармаванне мясцовай супольнасці аб экалагічных праблемах. У іх непасрэдны ўдзел прымаюць і выхаванцы сада.

Такім чынам, у працэсе рэалізацыі праекта “Зялёныя школы” было створана развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе, адукацыйны працэс стаў больш разнастайным у тэматычным плане, бацькі і іншыя дарослыя далучаны да сумеснай з дзецьмі прыродаахоўнай дзейнасці. Усё гэта спрыяе фарміраванню асноў экалагічнай дасведчанасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту

https://nastgaz.by/asnovy-ekalogii-i-ekanomiki-ad-shrek/

 

 

Ш.Р.Э.К.: развіваем эканамічную і экалагічную культуру

 - 10:38Навіны рэгіёнаў

Свята, прысвечанае Сусветнаму дню водных рэсурсаў невыпадкова прайшло ў яслях-садзе № 45 Гродна. Фарміраванню асноў эканамічнай культуры і беражлівых адносін да навакольнага свету і прыроды ў дзяцей тут удзяляецца асаблівая ўвага.

Хлопчыкі і дзяўчынкі розных узростаў упэўнена расказвалі, чаму і як трэба берагчы ваду, як паводзіць сябе на прыродзе, як сартаваць смецце. Наведвальнікі беларускамоўнай групы нават правялі доследы па ачыстцы вады, безумоўна, расказаўшы пра гэта на роднай мове. Праз гульню, сапраўдны казачны спектакль, танцы і песні дзеці імкнуліся паказаць каштоў­насць вады і неабходнасць яе берагчы. Адчувалася, што тэма для іх не новая. Толькі, на жаль, ва ўмовах прафілактыкі захворванняў на свята не завіталі гледачы. Маленькія артысты ўжо прывыклі бачыць у зале бацькоў, вучняў школ. Яны нават выступалі на сапраўднай сцэне ў Гродзенскім каледжы бытавога абслугоўвання насельніцтва. Таму выхавальнікі здымаюць такія святочныя паказы на відэа і размяшчаюць іх у сацыяльных сетках.

Сёння яслі-сад № 45 Гродна — абласны рэсурсны цэнтр па тэме “Фарміраванне энергаэфектыўнага ладу жыцця ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу праз арганізацыю дзейнасці ў школе развіцця эканамічнай культуры — Ш.Р.Э.К. Таксама ўстанова дашкольнай адукацыі з’яўляецца дэманстрацыйнай пляцоўкай праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Энергаэфектыўная школа” дзякуючы таму, што ў 2013—2016 гадах тут быў рэалізаваны міжнародны праект, вынікам якога стала ўкараненне энергаэфектыўных тэхналогій, што дазволіла эканоміць цепла- і энергарэсурсы.

З 2018 года яслі-сад прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскім адукацыйным праекце “Зялёныя школы”, мае дыплом III ступені.

— Як толькі ў снежні 2019 года мы атрымалі дыплом праекта “Зялёныя школы”, узнікла новая ідэя — стварыць Ш.Р.Э.К., — расказала загадчыца ясляў-сада № 45 Гродна Людміла Кушнірук. — Працягваючы распрацоўваць тэ­му энергазберажэння, мы ўзялі яшчэ адзін вузкі кірунак — беражлівыя адносіны да вады. І наша школа развіцця эканамічнай культуры стала Ш.Р.Э.К. у квадраце. Цяпер гэта школа развіцця эканамічнай і экалагічнай культуры. Праз яе мы імкнёмся сфарміраваць асновы эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту, павысіць кампетэнтнасць бацькоў і педагогаў у галіне эканамічнай дасведчанасці.

Каб зрабіць працэс пазнання пытанняў эканоміі і энерга­зберажэння цікавым і даступным, педагогі ўстановы дашкольнай адукацыі сур’ёзныя тэмы сталі падаваць дзецям праз гульню, іх любімых мульцяшных персанажаў. Распрацавалі розныя формы работы ў Ш.Р.Э.К., прычым не толькі для дзяцей, але і для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

У яслях-садзе ёсць спецыяльны цэнтр, дзе ўсе ўдзельнікі школы могуць на практыцы замаца­ваць веды пра асобны збор смецця, эканомнае расходаванне электраэнергіі пры выкарыстанні розных бытавых прыбораў. Тут дзеці знаёмяцца з неаднаўляльнымі, аднаўляльнымі і альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі. Ёсць макеты геліякалектара і энергаэфектыўнага дома. А каб заняткі прахо­дзілі ў выглядзе гульні, педагогі вырашылі выкарыстоўваць лялек і нават далі ім імёны. Так, за беражлівыя адносіны да вады адказвае Каплюша.

— Часта на “ўрокі” ў гэтую школу мы запрашаем адначасова дзяцей і дарослых, што дазваляе арганізаваць не толькі інтэрактыўныя зносіны, але і ўзаемнае навучанне, — дадала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада

№ 45 Гродна Наталля Яну­шэўская. — Эфектыўнымі формамі навучання ў Ш.Р.Э.К. сталі семінары, практыкумы і квест-гульні, майстар-класы, конкурсы і віктарыны, святочныя мерапрыемствы. Таксама пытанні эканоміі і беражлівасці стараемся раскрываць падчас музычна-тэатралізаваных паказаў, правядзення флэш-мобаў, выстаў, прагляду мультфільмаў. Дзеці перадаюць бацькам памяткі, лістоўкі і буклеты.

Дарэчы, бацькі расказва­юць выхавальнікам, як пасля такіх мерапрыемстваў у дзіцячым са­дзе, вярнуўшыся дадому, дзеці заклікаюць іх берагчы ваду, не паліць дарэмна святло. Адна з дзяўчынак прымусіла маму паставіць пад рабочы стол скрыню і складваць туды непатрэбную паперу, каб затым яе можна было здаць на макулатуру. Менавіта так хлопчыкі і дзяўчынкі робяць у дзіцячым садзе, збіраючы ўсе абрэзкі паперы, што засталіся пасля заняткаў. У сем’ях таксама падтрымліваюць Дзень зямлі, выключаючы на гадзіну святло.

За час існавання Ш.Р.Э.К. было праведзена шмат цікавых мерапрыемстваў, у тым ліку з ­удзелам вучняў Гродзенскай гарадской гімназіі, пачатковай школы № 1 Гродна, гімназіі імя К.Каліноўскага Свіслачы, сярэдняй школы № 12 Гродна. На майстар-класы, круглыя сталы і семінары-практыкумы запрашаліся бацькі дзяцей і педагогі іншых устаноў дашкольнай адукацыі.

Трансляцыя педагагічнага вопыту па фарміраванні эканамічнага і энергаэфектыўнага ладу жыцця ў выхаванцаў і іх баць­коў адбывалася на метадычных аб’яднаннях, мерапрыемствах рэспубліканскага, абласнога і гарадскога ўзроўняў. Вопыт работы калектыву быў надрукаваны ў зборніку навукова-метадычных матэрыялаў “Энергаэфектыўная школа: час дзейнічаць”.

З 2019 года яслі-сад № 45 Гродна стаў адным з партнёраў экалагічнай ініцыятывы “УРА Гродна!” праекта “Уцягненне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”. Партнёрамі ўстановы дашкольнай адукацыі ў праекце, які рэалізуецца праграмай развіцця ААН у Беларусі разам з Мінпрыроды і фінансуецца Еўрасаюзам, сталі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і сярэдняя школа № 12 Гродна.

— У гэтай ініцыятыве мы хочам паказаць, што можна стварыць пераемнасць у экалагічным выхаванні на кожнай ступені адукацыі — ад дашкольнай, затым сярэдняй і да вышэйшай. На базе кожнай з трох устаноў будуць функцыянаваць адукацыйныя мультыцэнтры, што дазволіць вырашаць задачы фарміравання эка­дружалюбнага ладу жыцця ва ўсіх ­удзельнікаў праекта на кожнай ступені адукацыі. У прыватнасці, у нашым яслях-садзе бу­дуць працаваць мультыцэнтры “Маленькі метэаролаг” і “Экалогія і здароўе”. У сярэдняй школе № 12 будуць дзейнічаць 4 мультыцэнтры, а ў ГрДУ імя Янкі Купалы — лабараторыя. Да пачатку лета яны пачнуць працаваць, — адзначыла Наталля Янушэўская.

Безумоўна, такі наватарскі, неабыякавы падыход да выхавання ў дзяцей беражлівых адносін да навакольнага свету быў бы немагчымы без ініцыятывы сапраўды творчых, вопытных, кваліфікаваных педагогаў. Менавіта такія людзі і задзейнічаны ў рэсурсным цэнтры, вопыт работы якога распаўсюджваецца сярод калег устаноў дашкольнай адукацыі ўсёй вобласці.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.

  •  

Всемирный день водных ресурсов

поделиться в:

Интернет-ресурсы: